З гісторыі збірання і вывучэння
беларускіх народных гульняў
Важнай крыніцай звестак пра даўнасць народных гульняў з’яўляюцца матэрыялы археалагічных раскопак. Археолагі знаходзяць у старажытных пластах акрамя прыладаў працы яшчэ і прасцейшы гульнёвы інвентар. “З дваццаці ўсходнеславянскіх гарадоў перыяду Кіеўскай Русі, у якіх знойдзена хоць адна шахматная фігурка, пятнаццаць размешчаны ў межах сучаснай Беларусі, - заўважае даследчык С. Цярохін. – Найбольш старажытныя фігуркі паходзяць з Ваўкавыску, Копысі і з гарадзішча на Менцы (12 км ад Мінска) і датуюцца XI стагоддзем”.
Першыя збіральнікі беларускага фальклору ўдзялялі народным гульням менш увагі, чым, напрыклад, песням. Аднак некаторыя тэксты гульнявых карагодаў зафіксаваў ужо піянер славяназнаўства З. Даленга-Хадакоўскі.
У 1830г. Мухлінскі надрукаваў у “Вестнике Европы» свае асобныя назіранні святаў, забаў і абрадаў у Навагрудскім павеце Літоўска-Гродзенскай Губерні.
Найбольш значным першым зборам і даследаваннем польскім і беларускіх гульняў з’яўляецца кніга Лукаша Гамбёўскага “Гульні і забавы розных саслоўяў ва ўсім краі або ў некаторых толькі правінцыях”.
У ёй апісана 195 гульняў, а таксама шмат абрадаў , у гэтым ліку розныя гульні на паперы, у карты, у даміно і г.д.
Е.Р. Раманаў (1855-1922) працаваў настаўнікам, інспектарам народных вучылішчаў па роду дзейнасці быў звязаны з беларускімі дзецьмі. Ім сабрана больш сотні гульняў і забаў, значная частка з якіх была надрукавана. У канчатковым выніку збіральнік планаваў зрабіць асобнае выданне беларускіх гульняў. У першым томе “Беларускага зборніка” ён змясціў 29 гульняў і гульнявых песень, а таксама некалькі дзесяткаў гульнёвых карагодаў, запісаных у Магілёўскай губерні.
Самы багаты на гульні восьмы том . Акрамя гульнёвых карагодаў і некаторых массавых забаў, што праводзіліся ў розныя поры года (“Народны каляндар”), ён уключае апісанне дзіцячых гульняў у спецыяльным разделе “Гульні і забавы беларускіх дзяцей”.
Некалькі апісанняў з нотамі гульнявых карагодаў, танцаў (“Цярэшкі”, гульні “Зязюля” і інш.) змешчаны Е.Раманавым у сборніку “Беларускія народныя мелодыі”. Адназначым, што ён не толькі збіраў народныя творы, але і вывучаў іх. Яму належаць цікавыя тэарэтычныя даследванні пра тэматыку гульняў, іх класіфікацыю, дзіцячыя цацкі.
Добрай крыніцай народных гульняў Віцебскай губерні 80-90-х гг. ХІХ ст. і адначасова іх даследваннем з’яўляюцца “Нарысы Віцебскай Беларусі: Гульні і ігракі М.Я. Нікіфароўскага”. Настаўнік з азёрнага краю апісаў паўсотні гульнявых народных твораў (“баваў”), якія ён размяжоўвае па ўзроставым крытэрыі. Хаця запісы не пашпартызаваны, але зроблена навуковае этнаграфічнае даследванне, у якім звяртаецца ўвага на мясцовую мову, змены ў гульнях, іх сувязь з працоўнай дзейнасцю, роллю ў выхаванні дзяцей.
Каштоўнасць уяўляюць таксама публікацыі П.В. Шэёна. Нястомны збіральнік фальклору дзякуючы сваім шматлікім карэспандэнтам апублікаваў вялікую спадчыну народных гульняў, у тым ліку звязаных з каляндаром. У кнізе “Беларускія народныя песні” змешчаны некаторыя каляндарныя гульні (“Яшчур”, “Старык”, “Лунёк”). Некалькі тэкстаў гульняў, танцы з гульнявымі элементамі прадстаўлены ў раздзеле “Прыпеўкі да танцаў”. Тут складальнік называе самымі любімымі танцамі беларусаў “Таўкачыкі”, Мяцеліцу”, “Падушачку”, “Бычка”, “Лявоніху”.
Два тамы “Матэрыялаў” змяшчаюць таксама шмат апісанняў гульняў. У першым томе шырэй асветлены “калядныя ігрышчы і песні”,а таксама траецкія забавы, “русальныя гульні і скокі”, купальскія звычаі. У другім томе ёсць спецыяльны раздел “Гульні дзяцей і дарослых”, у які ўвайшлі 35 запісаў Н. Яцко, Астаповіча, Ф. Навіцкага, Г.Юрэвіча,Свідзерскага, А. Багдановіча і інш. Акрамя таго, у іншых раздзелах дадзены гульні “Халімон”, “Мацей”, ігрышча “Ката пячы” і іншыя забавы беларусаў у розныя поры года.
Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, асабліва ў 20-я гг., яшчэ да пачатку рэпрэсій таксама праводзіліся збіранне і даследванне гульняў . Л.Чарняўскай у Вільні былі выдадзены “Дзяціныя гульні”(1919), куды ўвайшло 27 дарэвалюцыйных запісаў. Друкуюць свае працы З.Бядуля, А.Шлюбскі, Я.Карскі. Выйшла нават некалькі дапаможнікаў па гульнях для школьнікаў, але такіх значных збораў жанру, як да рэвалюцыі, не было.
Карысным даследваннем беларускай народнай гульні, але не заўважаным і не ацэненым да гэтуль, з’яўляецца праца Уладзіслава Казлоўшчыка “Аб дзіцячым выхаванні ў беларусаў”. Асабліва важнае значэнне аўтар надае авалоданню моладзю спадчынай сваіх продкаў, якая жывіць фізічныя і духоўныя сілы. Робячы гістарычны экскурс у мінулае краю, даследчык звартае ўвагу на старажытныя славянскія ігрышчы, на якіх, як у грэкаў, адбываліся дужанне, бокс, скокі і іншыя “святыя справы”. Аўтар выказвае меркаванне, што нашы далёкія продкі сустракаліся з грэчаскай культурай і ведалі традыцыі старадаўніх алімпійскіх гульняў. Акрамя таго, ён звартаецца да слаўных рыцарскіх традыцый беларусаў.
Апошнім у невялікім шэрагу даваенных выданняў з’яўляецца зборнік С.П. Сахарова “Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў” (Рыга, 1940). Сярод народных твораў, запісанных са слоў латышскіх беларусаў, нямала ёсць і гульнявых. Гэта “Каза”, “Цярэшка”, сем карагодных і некалькі дзіцячых песень.
У пасляваенны перыяд пачалі выдавацца зборнікі народных гульняў з ранейшых запісаў, а пазней – і з новых. Напрыклад, “Сто гульняў” В.Каспяровіча (Мінск, 1948). Значная колькасць беларускіх народных гульняў была ўключана ў зборнікі “Нацыянальныя гульні” (М., 1963), “Дзіцячыя рухомыя гульні народаў СССР”(М., 1988). Запісваюцца карагодныя і гульнявыя песні беларусаў-перасяленцаў на Далёкім Усходзе. Яны ўвашлі ў зборнік “Фальклор Дальнярэчча”. Карагоды і гульні зараз прадстаўлены ў розных слоўніках, энцыклапедыях і падручніках.
Шмат увагі ўдзяліў збіранню і вывучэнню гульняў, пераважна фізічных, Я.Р. Вількін, які ў 1970г. абараніў кандыдацкую дысертацыю “Беларускія народныя гульні другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст,”. Акрамя пытанняў гісторыі народных гульняў, іх арганізацыі і класіфікацыі, фізічнай культуры беларусаў, этнографам даследавана 300 варыянтаў гульняў, запісанных да рэвалюцыі і ў савецкі час, многія тэксты з якіх прадстаўлены у названай працы. Даследчыкам напісана нямала навуковых прац, выдадзены невялікі зборнік для дзяцей “Беларускія народныя гульні” (Мінск 1969”. Народныя фізічныя гульні вывучаюць таксама Я. Гелер, Л. Геркан, К. Куліновіч і інш.
Хаця і не дастаткова, але ўсё ж выдаваліся зборнікі гульняў спецыяльна для работы з дзецьмі (М.А. Гершэнзон. Вясёлы час: кніга забаў , самаробак і гульняў. Мінск, 1954; Беларускія гульні ў дзіцячым садзе: дапам. Для выхавальніка / склад. З.І Ермакова, В.М, Шабека. Мінск, 1987 і інш.). Аднак у іх не падаюцца пашпарт твораў, нотныя прыклады.
Апісанні гульняў трапляюцца і ў мастацкай літаратуры. Каля дзесятка гульняў змясціў у сваім гісторыка –этнаграфічным нарысе “Вёска Віцкаўшчына: 1883-1917 гг.” М.Улашчык.
Упершыню найбольш поўна беларускія дзіцячыя гульні прадстаўлены ў томе “Дзіцячы фальклор”. Апроч іншага ў ім змешчаны 191 тэкст гульняў – лепшыя ўзоры, запісаныя як да рэвалюцыі, так і ў савецкі перыяд.
Рознымі аспектамі гульнявых жанраў займаліся і займаюцца таксама М.Я Грыблат, П.А. Гуд, В.Я Гулеў, К.П. Кабашнікаў, Л.В. Карманава, В.Д. Ліцвінка, З.Я. Мажэйка, С.М. Місько, В.К. Сакалова, Л.М. Салавеё, Ф.Сяліцкі (Польшча), А.С.Фядосік, В.І, Ялатаў і інш.